![]() |
Некалькі пакаленняў аддзяляе нас ад таго часу, калі жыў і ствараў Іосіф Лангбард, 140-годдзе з дня нараджэння якога ў студзені 2022 г. адзначыла беларуская прафесійная грамадскасць. Ён жыў у пераломную эпоху, вельмі складаную і адначасова цікавую для творцаў, калі з’явіліся новыя магчымасці і разам з тым новыя праблемы. Пошук сваіх шляхоў, новых формаў у архітэктуры, удзел у конкурсах, праектаванне знакавых аб’ектаў – жыццё яго і лёс былі шмат у чым падобныя на жыццё і лёс іншых архітэктараў, чыя творчасць распачыналася ці працягвалася ў міжваенныя гады. Але яго талент, плён яго працы сталіся такімі, што адразу вылучылі яго сярод сучаснікаў, і да сёння ён лічыцца бадай самай значнай фігурай беларускага дойлідства. А яго мастацкая спадчына аказвае значны ўплыў на развіццё сучаснай архітэктуры.
Распавядаць пра Іосіфа Лангбарда – справа на першы погляд простая – здаецца, пра яго ведае ледзь не кожны жыхар Мінска, а не толькі прафесіяналы. Але разам з тым складаная, бо адкрыць для чытача штосьці новае амаль немагчыма. Наш часопіс неаднойчы друкаваў пра яго матэрыялы даследчыкаў, а гісторыі стварэння і рэканструкцыі опернага тэатра ў свой час быў прысвечаны асобны нумар часопіса. Але не адгукнуцца на такую падзею, як 140-я ўгодкі знакамітага дойліда, немагчыма, таму паспрабуем перадаць сваё адчуванне, бачанне постаці Лангбарда скрозь прызму часу.
Хлопчыку з яўрэйскай сям’і, які нарадзіўся 6 (18) студзеня 1982 г. у г. Бельску Гродзенскай губерні, бацькі прадракалі шлях у камерцыю. Але яго цягнула да сябе мастацтва, і закончыўшы дома гімназію, малады Лангбард паехаў у Адэскае мастацкае вучылішча вучыцца на аддзяленні архітэктуры. У 1907 г. паступіў на архітэктурны факультэт Імператарскай акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Пасля абароны дыплома ў 1914 г. атрымаў званне архітэктара-мастака. Падчас Першай сусветнай вайны, пасля заканчэння ваенна-тэхнічных курсаў, кіраваў будаўніцтвам аб’ектаў у тыле і на фронце. І яшчэ знаходзіў сілы і час займацца праектаваннем, нават удзельнічаў у конкурсах.
У канцы 1920-х ён упершыню прыязджае ў Мінск – для будаўніцтва павільёнаў Усебеларускай сельскагаспадарчай выставы, дзе паказаў сябе як архітэктар-мастак, цытуючы на фасадах беларускія ручнікі. У 1929 г. становіцца пераможцам Усесаюзнага конкурса на лепшы праект Дома Ураду. З гэтага часу лёс надоўга звязаў яго з нашым горадам, хоць сям’я, сталы дом яго заставаліся ў Ленінградзе. І, бадай, менавіта 1930-я, «мінскія» гады сталіся найбольш плённымі ў творчай дзейнасці Лангбарда. Тут ён стварыў свае лепшыя архітэктурныя пабудовы, якія і сёння вызначаюць аблічча сталіцы. Стварыў архітэктуру, якая ў 1930-я гг. стала ўнікальнай з’явай у Беларусі і выклікала непадробную цікавасць у людзей розных прафесійных інтарэсаў, рознага культурнага ўзроўню.
І сёння, праз 90 гадоў, немагчыма ўявіць Мінск без знакавых лангбардаўскіх пабудоў – Дома ўраду, Опернага тэатра, Дома афіцэраў, за якія ў 1937 г. ён атрымаў Гран-пры на Сусветнай выставе ў Парыжы, Акадэміі навук. Чаму, нягледзячы на тое што архітэктурная мода мяняецца, цікавасць да іх застаецца нязменнай? І чаму яны так уплываюць на наша эстэтычнае ўспрыманне? Угэтых будынках найбольш поўна ўвасобіліся ідэі і эстэтыка майстра, талент самааддана служыць Архітэктуры. Калі стаіш перад каланадай Акадэміі навук ці Опернага тэатра, глядзіш на строгія, але такія дынамічныя лініі манументальнага Дома ўраду, мімаволі ўсплываюць словы Янкі Купалы: «А летуценны хлопец гэты Лангбард!». Менавіта гэта летуценнасць і зачароўвае ў працах Лангбарда: яго мары пра сапраўдную архітэктуру, новыя метады будаўніцтва. Мары, якія дзякуючы таленту, настойлівасці і веры ажыццяўляліся.
Часта можна сустрэць сцвярджэнне: усё, што запраектаваў і пабудаваў Лангбард да Дома ўраду ў Мінску, было ўверцюрай да ўзвядзення гэтага будынка, у насычаных і лагічна завершаных вобразах якога ён увасобіў свае ідэалы. Гэты конкурсны праект-пераможца быў рэкамендаваны да ажыццяўлення без змен і дапаўненняў.
Гэтае архітэктурнае збудаванне доўгі час з’яўлялася буйнейшым у горадзе. Але яно не падаваеца грувасткім – яно стварае ўражанне руху і дынамікі, сапраўднай архітэктурнай сімфоніі. Адчуваецца гэта і ў Доме Чырвонай арміі (Дом афіцэраў), які гарманічна ўпісаўся ў забудову цэнтральнай часткі Мінска. Трэба сказаць, Лангбард быў вельмі ўважлівы да дэталяў. Ствараючы свае архітэктурныя дамінанты, ён ужо бачыў, як можна аб’яднаць іх у адзіны ансамбль, і зберагаў тое, што было да яго: пры будаўніцтве гэтага аб’екта ўключыў у новы архітэктурны сюжэт будынак воданапорнай вежы, захаваў старыя фундаменты і сутарэнні.
І вядома, у Тэатры оперы і балета. Першапачаткова аўтар планаваў зрабіць зал на 3000 месцаў, аднак ідэі ўніверсальнага і механізаванага тэатральнага дзейства пачалі крытыкаваць, і праект давялося перапрацаваць, скараціўшы змяшчальнасць зала ўдвая. Засталіся выявы розных варыянтаў эскізаў, дзе можна прасачыць, як фарміраваўся вобраз, які мы ведаем сёння…
Чуецца голас часу і ў велічнай каланадзе Акадэміі навук, праект будынка якой пачынаў Георгій Лаўроў, а дапрацоўваў Лангбард. Ён быццам прадбачыў далейшае развіццё Мінска і ўзвёў у новым раёне горада збудаванне, якое апярэдзіла час і сваім маштабам належала хутчэй будучаму, чым тагачаснаму.
Іосіф Лангбард змог захаваць адданасць сваім творчым прынцыпам на ўсё жыццё, заўсёды застаючыся верным сабе. Ён ствараў сваю архітэктуру, стыль якой вызначалі кампазіцыйная выразнасць, яснасць, лаканічнасць. Менавіта архітэктурную нешматслоўнасць ён бачыў залогам манументальнасці і чысціні вобраза.
Не быў бы Лангбард «тым летуценным хлопцам», калі б не пакінуў пасля сябе вялікую волькасць архітэктурных фантазій. Яны прадстаўляюць нам вобраз чалавека, які не пераставаў марыць, цвёрда ведаючы, што і навошта ён робіць, для якога пошук сапраўднага ў творчасці быў важнейшым за згодніцтва і хвілінную карысць. Сам ён называў гэтыя фантазіі дымкамі ўслых, калі па-за межамі канкрэтных пляцовак і ўмоў можна удасканальваць сваё майстэрства і прафесійнае мысленне.
Для архітэктара гэта былі шчаслівыя гады, бо яго праекты рэалізоўваліся. Але жыў ён на два дамы: у Мінску яго прысутнасці патрабавалі аб’екты, у Ленінградам заставалася жонка Вольга, якая не захацела пераязджаць у Беларусь. А час быў трывожны: абдываліся масавыя арышты, знікненні людзей. Не абмінула гэта і сям’ю Лангбарда: затрыманую жонку архітэктар змог вызваліць толькі пры заступніцтве першага сакратара ЦК КПБ П. Панамарэнкі…
Калі пачалася вайна, Лангбард вярнуўся ў Ленінград, займаўся маскіроўкай будынкаў. У 1942 г. яго, знясіленага і хворага, эвакуіравалі у Яраслаўскую вобласць. Там ён наладзіў сувязь з праўленнем Саюза архітэктараў Беларусі і прапанаваў сваю дапамогу ў адраджэнні беларускіх гарадоў. Пасля вайны аднаўляў «свае» будынкі, якія хоць і моцна пацярпелі ад вайны, але выстаялі. Сумесна з М. Бакланавым запраектаваў кінатэатр «Перамога», працаваў над канцэпцыяй галоўнага праспекта, каб наблізіць сталіцу да лепшых узораў горадабудаўніцтва, але яго праект быў адхілены.
Ідэі і архітэктурнае бачанне Лангбарда сталі ўсё часцей крытыкаваць. Яго погляды на тое, якой павінна быць беларуская архітэктура, адрозніваліся ад ідэалогіі, што панавала ў дзяржаве. Дойлід, як ніхто з яго калег таго часу, бачыў і разумеў самабытнасць беларускага дойлідства і шмат пісаў пра неабходнасць яе захавання, пра тое, што вывучэнне помнікаў старадаўняга беларускага дойлідства з’яўляецца зыходнай асновай для далейшага развіцця нацыянальнай архітэктуры. Нажаль, ён не знаходзіў падтрымкі, затое гучала шмат галаслоўнай крытыкі і абвінавачванняў у буржуазных падыходах да мастацтва і архітэктуры. І ў хуткім часе яго проста «выжылі» з Мінска. Як ён пісаў М.С. Асмалоўскаму, начальніку ўпраўлення па справах архітэктуры пры Саўміне БССР: «…Мая 20-гадовая архітэктурная дзейнасць у Беларусі, відаць, павінна закончыцца. Вы добра ведаеце, што я гэта раблю не па сваёй, а па Вашай волі…». У 1948 г. Лангбард пакідае Мінск, а праз тры гады адыходзіць назаўсёды…
Пасля смерці архітэктара ў 1951 г. жонка хацела перадаць яго архіў Саюзу архітэктараў Беларусі, аднак на яе прапанову ніхто не адгукнуўся, і ў 1967 г. яна аддала архіў у музей Ленінграда. Але перапісаць гісторыю, захаваную ў камені, нельга. У ёй назаўсёды засталася лепшая частка творчай спадчыны Іосіфа Лангбарда. І ў кожным яго збудаванні ўвасоблены прафесійная чуласць аўтара, злітнасць ведаў і густу, адчуванне такту і рытму, павага да нацыянальных асаблівасцей беларускага дойлідства, імкненне да высокага мастацтва.